Новости проекта
Конкурс продлен! Принимайте участие!
Поздравляем с Днем учителя!
Отвечаем на ваши вопросы!
Домашнее задание на контроле!

Урок беларускай літаратуры ў 6 класе Тэма: “Песні краю майго…”

Дата: 5 мая в 21:45

Урок беларускай літаратуры ў 6 класе

Тэма: “Песні краю майго…”

Настаўнік С.В. Арцюховіч

Мэта: пашырэнне  ўяўленняў вучняў пра народныя песні, раскрыццё  іх паэтыкі, багацця зместу.

Задачы:  зацікавіць гісторыяй свайго краю,  абрадамі і звычаямі продкаў; папулярызаваць справу збіральнікаў фальклору; абуджаць у дзяцей жаданне вывучаць і спяваць народныя песні; паказаць сувязь некаторых з іх з каляндарнай і сямейнай абраднасцю; выхоўваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага, эмацыйную чуласць.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу з выкарыстаннем міжпрадметных сувязей.

Абсталяванне: на дошцы — прыказкі і прымаўкі пра народныя песні; дыскі з запісамі беларускіх народных песень; фотаздымкі народныя калектываў раёна; магнітафон; мультымедыйная дошка.

Эпіграф:

Песня народа — гэта сапраўдная чалавечая душа.

(Рыгор Шырма)

Ход урока

I. Эмацыянальна-арганізацыйны этап.

1. Уступнае слова настаўніка.

Дзень добры! Рада вітаць вас на сённяшнім уроку і спадзяюся, што праца наша будзе плённай.

Ведаеце, вельмі часта перад маімі вачыма і ў маёй памяці паўстае такая карціна. Раніца… Лёгкі туманок ахутвае ўзгорак, на якім зацвітае груша, а потым ціха плыве да далёкага і яшчэ соннага бору. А над рэчкай, якая стужкай агібае край вёскі, разліваецца гучны, і ў той жа час такі мяккі і ласкавы голас:

 

“Ой, орол, ты й орол,

Сізокрылы й орол,

Ты летаеш высоко,

Ты бываеш далеко.

Ці не быў ты, й орол

На родзіноньцы моёй.

Ці не бачыў той дзеўчыны

Котора журыцца за мной.

 

Гэта мой дзядуля плыве на чоўне і спявае сваю любімую песню.

Калі мы, унукі, набіваліся ў човен, то вада ледзь не пералівалася цераз край. Мы пішчалі: пішчалі ад задавальнення і страху. І толькі калі дзядуля спакойна заводзіў сваю песню і веславаў уздоўж берага, мы супакойваліся і з замілаваннем слухалі прыгожы напеў.

Даўно ўжо няма дзядулі, яго чоўна і той грушы-дзічкі, што цвіла на ўзгорку ля хаты. Засталася толькі добрая памяць ды песня.

Магчыма гэта і была мая першая сустрэча з сапраўднай народнай песняй. Я палюбіла яе. І гэтую любоў да песні хацелася б перадаць і вам.

II. Аперацыйна-пазнавальны.

  1. Работа па тэорыі літаратуры.

Давайце прыгадаем віды народных песень. Але спачатку паслухайце ўрывак з апавядання  “Апокрыф”  М. Багдановіча (на дошцы).

“…Калі пяюць песні ў вас?

Пяюць на каляды, на Запускі, на Вялікдзень, на Тройцу, на Яна Купалу, у Пятроўку, на зажынках і дажынках.

Пяюць на радзінах і крэсьбінах, пяюсь дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вяселлях, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і на вайну ідучы, і ўва ўсякай іншай прыгодзе. Увесь круглы год пяюць”.

Настаўнік. Запішыце наступную схему ў сшыткі (схема на мультымедыйнай дошцы).

Віды народных песень

Лірычныя

Жартоўныя

Сямейна-абрадавыя

Каляндарна-абрадавыя

зімовыя

веснавыя

летнія

восеньскія

  • Як вы думаеце, калі і дзе выконваліся песні пэўнага віду?
  • (пасля адказаў вучняў выводзіцца слайд  з правільнымі адказамі)

за працай;з любой нагоды

на вячорках; на святах; з любой нагоды

вясельныя; пахавальныя (хаўтурныя)

калядныя; шчадроўкі;

купальскія; жніўныя

ярынныя; талочныя

Настаўнік. Хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што калі ўзнікалі песні, то яны былі часцей цесна звязаны з нейкімі відамі працы, абрадамі. Потым пачалі аддаляцца ад гэтых абрадаў. Як вы думаеце, чаму? (Таму што абрады знікалі, змяняўся працоўны працэс: напрыклад, жыта сталі жаць камбайны, малаціць пачалі машыны, а не ўручную. Таму абрадавыя песні пачалі пераходзіць у разрад лірычных).

  1. Праслухванне запісу песні “Ой, рэчанька, рэчанька.”

Настаўнік. Давайце праслухаем у запісе адну з лірычных песень. Можна паспрабаваць ціхенька падпяваць. Словы на стар. 74.

  1. Мастацкі аналіз песні “Ой, рэчанька, рэчанька.”
  • Скажыце, які настрой гэтай песні? (сумны, спавядальны)
  • Якімі мастацкімі сродкамі звычайна багаты народныя песні? (эпітэтамі, звароткамі, адухаўленнем, параўнаннямі, паўторамі, памяншальна-ласкальнымі суфіксамі).
  • Давайце ўспомнім памяншальна-ласкальныя суфіксы. Ці ёсць у песні словы з гэтымі суфіксамі? (-к-, -ік-, -ык-, -огк-, -ечк-, -аньк-, -еньк-; (рэчанька, беражок, конік).
  • Ці ёсць тут паўторы? Для чаго яны? Якую ролю адыгрываюць? (Паўторы радкоў звязваюць паміж сабою слупкі. Паўторы радка “Люлі, люлі” супакойваюць слухача).

— Ці ёсць тут увасабленне? (рэчанька размаўляе)

—Звярніце ўвагу, што амаль усе апошнія склады ў радках заканчваюцца на галосны гук? Чаму?

(Каб можна было лёгка і свабодна цягнуць, спяваць. Гэта адкрытыя склады. Галосныя можна цягнуць, спяваць, а  зычныя — не. Паспрабуем: а-а-а-, і-і-і-, р-р-р,  б-б-б).

  1. Аповед вучняў пра наваселле (уладзіны)

Настаўнік. Я ўпэўнена, што гэту цудоўную песню вы яшчэ многа разоў праспяваеце і пачуеце ў сваім жыцці. А зараз паслухайце, калі ласка, як адбывалася  наваселле ў нашых продкаў у даўніну.

(вучань чытае падрыхтаваны загадзя матэрыял)

  • Як вы думаеце, цікавая традыцыя?

Спадзяюся, што некалі, пры перасяленні ў свой асабісты дом, вы зробіце ўсё іменна так, як расказала нам Аксана.

  • Скажыце, якія песні маглі б суправаджаць гулянні на наваселі? (лірычныя, жартоўныя).
  • Назавіце некаторыя з іх. ("Захацела бабуленька ды разбагацеці”, “Ой, хацела ж мяне маці ды й за першага аддаці”,  “Лявоніха”, “Чаму ж мне не пець” і інш.)
  1. Праслухванне ўрыўка з жартоўнай песні.
  2. Рэлаксацыйная паўза (адначасова з праслухваннем песні вучні танцуюць)
  3. Лексічная работа па змесце песні.
  4. Аповед вучняў пра Купалле.

Яшчэ адным з традыцыйных святаў беларусаў з’яўляецца Купалле. Паслухайце, як яно адзначаецца. (вучні расказваюць)

  1. Праслухванне ўрыўка з песні “Купалінка”
  • Давайце паслухаем песню “Купалінка”, якой суправаджаліся купальскія карагоды вакол вогнішча. Песню выконвае знакаміты гурт “Песняры”.
  • Што вы ведаеце пра гурт “Песняры”? Якія яшчэ песні ў іх выкананні вы чулі?
  1.  Гутарка пра Калядкі.
  • Я думаю, што вы са мною пагодзіцеся, калі я скажу, што самым распаўсюджаным святам на тэрыторыі нашай краіны з’яўляецца Каляда.
  • Калі адбываецца гэтае свята? (на мультымедыйнай дошцы з’яўляюцца фотаздымкі).

Настаўнік. Як толькі ўспыхваюць лямпачкі на слупах, ідуць калядоўшчыкі (дзеці, моладзь, дарослыя) па ўсіх вуліцах і завулках шчадраваць. Чуюцца песні, смех, жарты. Дзеці абмяркоўваюць: у якую хату можна ісці, бо там добра частуюць, якую абмінуць. Калі гаспадары былі скупыя, тушылі святло, то калядоўшчыкі маглі заспяваць так: “На святое Ражджаство, каб усю хату разнясло”.

Усім нам добра вядома гэта свята. І ў гэтым годзе многія з вас будуць хадзіць па вёсцы ад хаты да хаты, славіць гаспадароў, жадаць ім багатага ўраджаю, здароўя, шчасця і дабрабыту. Думаю, што і маю хату не абмінеце.

  1.  Сабраныя і запісаныя вучнямі песні.

Дома вы спрабавалі запісаць любімыя песні сваіх бацькоў, бабуль, дзядуль.

  • Якія песні вы запісалі?
  • Чаму яны падабаюцца вашым родным?
  • Як вы думаеце, ці ўсе песні тут беларускія? (бел., рус., укр.)
  • Чаму ж мы іх пяём?

Настаўнік. Усе мы, беларусы, рускія і украінцы, з’яўляемся ўсходнімі славянамі. У нас былі агульныя песні. Потым пачала развівацца беларуская народнасць са сваёй песеннай творчасцю. Але ж на яе ўплывалі рускія і ўкраінскія песні. А беларускія песні ўздзейнічалі на фальклор рускі і ўкраінскі. Таму песні гэтых трох народаў такія блізкія паміж сабою і аднолькава папулярныя.

  1.  Аповед пра збіральнікаў і захавальнікаў беларускіх народных песень.
  • Адкуль прыходзяць да нас народныя песні? (ад бабуль, з кніг).
  • Як трапляюць у кнігі, зборнікі песень?

Настаўнік. Ёсць людзі, якіх называюць збіральнікамі народных песень. На працягу дзесяцігоддзяў вандруюць яны па зямлі беларускай, сустракаюцца з людзьмі старэйшага пакалення, якіх, на жаль, застаецца ўсё менш і менш, і запісваюць песні, абрады, звычаі і традыцыі. Гэта вельмі цяжкая работа. (Вы самі паспрабавалі запісаць толькі адну песню, і то сустрэліся з цяжкасцямі). А гэтыя людзі не зважаюць ні на што, бо душа із перапоўнена  любоўю да роднай зямлі, яе духоўнага багацця. Ім страшна, што нешта яны могуць страціць, прапусціць, не знайсці.

  • А як вы лічыце, каго можна назваць захавальнікамі гэтых народных традыцый? (гурты, ансамблі, калектывы).
  • Назавіце, калі ласка,  народныя, этнаграфічныя гурты Жыткаўшчыны?   

(“Верас”,“Ярок”,“Прыпяць”,“Пухаўчанка”,“Жытніца”,“Лянок”,“Сцвіжанка”,“Сваты”,“Запясочанка”)

(на мультымедыйнай дошцы з’яўляюцца фотаздымкі пералічаных народных калектываў).

  1. . Рэфлексійна-ацэначны этап.
  1. Падагульняючае слова настаўніка.

У сваіх скарбах беларуская народная песня захавала шмат мудрасці, трывогі і радасці, святла і горычы, шчырай любові і праўды. Нездарма Рыгор Шырма сказаў: “Песня — гэта сапраўдная жывая чалавечая душа”. І мы не можам з гэтым не пагадзіцца, бо як кажуць прыказкі і прымаўкі:

  • Без песні — хоць трэсні.
  • Дай мазі ў кола, а ў працы — песні вясёлай.
  • Калі не спявалі, то й і не весяліліся.
  • На ўсё свае песні: на вяселлі вясельныя, а на хрысцінах — хрысцінныя.
  • Раз не было песень, то не было і вяселля.
  • Песня і ў радасці, і ў горы дапаможа.

І яшчэ… Мне вельмі хацелася б, каб праз многа гадоў, калі вы станеце дарослымі, вы пасадзілі сваіх дзетак ці ўнукаў  або ў човен, як некалі мой дзядуля, або пад высокі  дуб, або проста на зялёны мурог і заспявалі:

“Ой там, на горы,

Ой там, на крутой,

Хадзіла, гуляла, пара галубоў…”

І няхай гэта будзе іх першая сустрэча з народнай песняй, любоў да якой абавязкова застанецца ў іх душы на ўсё жыццё.

  1. Давайце складзем сінквейн на тэму “Народная песня”.
  2. Выстаўленне і каменціраванне адзнак.
  3. Дамашняе заданне.

Скласці па два сінквейны на тэму “Народная песня”

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.